У межах дыялогавай пляцоўкі “Моладзь – знак якасці краіны” і Адзінага дня інфармавання насельніцтва 21 мая ў СШ №2 Каменца адбылася сустрэча вучняў 11 класаў дзвюх школ і гімназіі райцэнтра з гасцямі.
Іх – старшыню Камянецкага райвыканкама Віталія Кулака, першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Лізавету Басалай і дырэктара ДЮСШ “Пушча” Андрэя Кудрашова – прадставіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна Аўдзей.
Лізавета Генадзьеўна расказала будучым выпускнікам пра Усебеларускі народны сход, дэлегатам якога была, і падкрэсліла той факт, што гэты орган народаўладдзя працуе выключна на карысць нашай роднай дзяржавы. А ўсё развіццё Беларусі арыентавана ў першую чаргу на моладзь, чые таленты і здольнасці жыццёва неабходныя менавіта на роднай зямлі.
Віталій Уладзіміравіч дапоўніў выступоўцу аповедам пра свае ўражанні ад УНС і адказаў на пытанне, што прагучала з залы. Яно тычылася таго, як сёння арганізаваная ахова Дзяржаўнай граніцы Беларусі.
– Яна пад вельмі пільнай увагай! – запэўніў старшыня райвыканкама. – Нам тут хвалявацца няма прычын.
Другое пытанне школьнікаў тычылася якасцей, якімі павінен валодаць дэлегат УНС, і яго задач. Лізавета Басалай пералічыла абавязковую актыўную грамадзянскую пазіцыю і тое, што дэлегат павінен мець пастаянныя зносіны з людзьмі, бо з’ездіць на сход мала, неабходна яшчэ і расказаць пра яго вынікі іншым. У гэтым і заключаецца галоўная задача дэлегата.
Далей слова атрымаў Андрэй Кудрашоў, пазнаёміўшы будучых выпускнікоў з развіццём фізкультуры і спорту ў раёне. У прыватнасці, ён пералічыў магчымасці, якія дае ДЮСШ юным спартсменам, расказаў пра паўсядзённую работу школы і самыя значныя яе дасягненні.
Абмяркоўваліся ў гэты дзень і іншыя актуальныя для моладзі Каменца пытанні: неабходнасць адкрыцця скейтпляцоўкі, будучы выпускны баль, паступленне па мэтавым накіраванні…



Источник информации Будучыя выпускнікі сустрэліся са старшынёй райвыканкама – KAMENEC.BY инфопортал Каменецкого района